БЕЛАРУ́СКАЕ КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ў Коўне
(сучасны г. Каўнас),
грамадская арганізацыя ў Літве. Існавала з лют. 1932 да 1935 (?). Асн. мэта дзейнасці — пашырэнне бел. асветы і культуры на роднай мове. У 1933 налічвала больш за 1000 чал. У прэзідыум т-ва ўваходзілі М.Матач, К.Плескачэўская, С.Якавюк і інш. Мела Алаіцкае, Бразельскае, Вількамірскае, Гялвойскае, Мярэцкае аддзяленні; прадстаўніцтвы ў Троках і Зарасаі; жаночы аддзел у Коўне. Пры т-ве працавалі перасоўны Бел. нар. ун-т, Бел. нар. тэатр (у Коўне, з 1932), хары ў Коўне і пры Бразельскім аддзяленні, з 1933 — дзіцячы сад, бібліятэка-чытальня. Уваходзіла ў ініцыятыўны камітэт Міжнар. асацыяцыі бел. арг-цый (г. Коўна), супрацоўнічала з аб’яднаннем студэнтаў-беларусаў Літоўскага ун-та.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)